top background

9 мая ў Беларусі святкуюць Дзень Перамогі

У Рэспубліцы Беларусь 9 мая адзначаецца Дзень Перамогі. Для беларусаў гэта святое свята, даніна памяці, глыбокай павагі і падзякі савецкім воінам, працаўнікам тылу, партызанам і падпольшчыкам – усім, хто набліжаў Перамогу.

Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне была здабытая 9 мая 1945 года. Вайна доўжылася 1418 дзён і начэй і пачалася на беларускай зямлі 22 чэрвеня 1941 года. 

У летапісе Беларусі не было бітвы больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная вайна, не было подзвігу значней, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, які выратаваў чалавецтва ад нацызму. Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям’і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа.

Беларусы – адна з найбольш пацярпелых у выніку вайны нацый. Гітлераўцы правялі ў Беларусі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю або часткова знішчылі 5454 вёскі. Трагічным сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва стала вёска Хатынь, у якой былі забітыя 149 жыхароў і спалены 28 двароў. Лёс Хатыні падзялілі 618 вёсак, 188 з іх не былі адноўлены.

На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. У іх ліку чацвёрты па велічыні ў Еўропе лагер смерці Трасцянец, дзе былі знішчаны больш за 200 тыс.чалавек.

У баявых дзеяннях у гады вайны ўдзельнічалі 34,4 млн савецкіх вайскоўцаў, у тым ліку больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. За мужнасць і гераізм звыш 300 тыс. з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі. 444 воінам прысвоена ганаровае званне Героя Савецкага Саюза, з іх 88 удзельнікам падполля і партызанскага руху ў Беларусі, 70 чалавек сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы, 4 беларусы – двойчы Героямі Савецкага Саюза.

Беларусь у вайне страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця. Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Велізарныя былі людскія страты. Па дадзеных сучасных даследчыкаў, за гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі ад 2,5 да 3 і больш млн жыхароў Беларусі.

Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце. Міжнародная канферэнцыя, скліканая 27 красавіка 1945 года ў Сан-Францыска для ўтварэння ААН, прыняла рашэнне аб уключэнні БССР у лік краін – заснавальнікаў гэтай міжнароднай арганізацыі.

Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям’і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога – вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа. (па матэрыялах БЕЛТА)